Семежава як паселішча ўзнікла дзесьці паміж 1449 – 1500 гадамі. У суднай грамаце, выдадзенай у1449 годзе Літоўскім князем Казімірам Слуцкаму князю Сымону Міхайлавічу на яго вотчыну, гэтае мястэчка не згадваецца. Заснавана ж яно каланістамі, якія былі прывезены князем Радзівілам, як указваецца ў слоўніку “Зямель Радзівельскіх”, “з мясцін даволі аддаленых”.
Святар Семежаўскай царквы Фелікс Сцяпура 1880 годзе ў “ Этнаграфічным нарысе мястэчка Семежава “ пісаў: “У ведамасці царкоўнай гаворыцца, што царква ў Семежаве была пабудавана ў 1720 годзе князем Радзівілам на месцы старой, але калі прыняць пад увагу саму царкоўную архітэктуру і старадаўнасць некаторых абразоў, то яе пабудову можна аднесці да больш аддаленага часу, да таго ж старыя вяскоўцы расказваюць, што паўтараста гадоў назад царква была ўжо капітальна падпарадкавана князямі Радзівіламі”. Зыходзячы з гэтага можна меркаваць, што царкоўны будынак паўстаў у Семежаве яшчэ да 1570 года.
Вядома, што сваяцтва Слуцкіх князёў і Радзівілаў пачынаецца з 1530 года, калі князь Юры Сымонавіч ажаніўся на князёўне Алене Радзівіл, дачцы ваяводы Віленскага і канцлера Міколы Радзівіла.
Памёр Юры Сымонавіч у 1542 годзе, перадаўшы Слуцкае княства свайму старэйшаму сыну Юры Юр’евічу, які перад смерцю ў кастрычніку 1578 года пакінуў тэстамэнт пра падзел Слуцка-Капыльскага княства паміж сваімі сынамі Юрам, Янам-Сымонам і Алаксандрам Алелькамі, якое было выканана жонкай Юры Юр’евіча Кацярынай Цянчынскай 6 ліпеня 1582 года. У тэстаманце згадваецца і мястэчка Семежава. Падцвярджае гэты факт і дакумент №11 Слуцкага кляштара, у якім гаворыцца: “Аляксандр Алелькавічатрымлівае: у Слуцку “Востраў” з замкавымі сёламі” Шостакі, Бранавічы, і двор Баслаўцы, і фальварак Грозава. Двары: Старыцу, Свідэмскі, Быстрыцу, Бялевічы, Карупатніцкі двор з мястэчкам Семежаўскім. палац Душава, Вялешына, Ярэмічы, мястэчка Дубальскае і Языль і другую палову маёнткаў Глушкава і Дарашкова і двор Глуск. Прыстань з мястэчкам на Нёмане – Пясочнае – застаецца ў агульным уладанні трох братоў”.
Мястэчка Семежава заснавана каланістамі на высокім востраве, пакрытым “дрымучым лесам, з якога пабудавана як царква, так і самое мястэчка”. Востраў, акружаны водамі рэк Мажы і Морача, за якімі ва ўсе бакі рассцілаліся балоты і лясы, знаходзіўся на мяжы Слуцкага і Клецкага княстваў.
У летапісах 12 стагоддзя ўпершыню згадваецца пра Слуцкае княства. У “Аповесці мінулых часоў” 1116 года гаворыцца, што менскі князь Глеб уварваўся ва ўладанні князя Уладзіміра Манамаха і “Случеск пожёг”. У 1160 годзе Слуцк становіцца сталіцай асобнага княства. У 1326 годзе Слуцкае княства было далучана да ВКЛ. У 1395 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў Слуцк Уладзіміру Альгердавічу, які быў выгнаны з Кіева ў 1392 годзе. Пасля смерці апошняга князем стаў яго сын Аляксандр Уладзіміравіч, якога празвалі Алелькам. Неўзабаве ён выехаў у Кіеў, а ў Слуцку пакінуў князем свайго сына Сымона, а ў Капылі – сына Міхала. Па смерці Аляксандра ў Кіеў пераехаў Сымон, а князем Слуцкім застаўся Міхал, які пракняжыў там да 1481 года і быў пакараны смерцю за ўдзел у змове супраць князя Казіміра. Казімір не падпарадкаваў сабе Слуцкае княства, як звычайна здаралася з маёмасцю злачынцаў, а пакінуў яго за ўдавою Міхала і яго сынам Сымонам, які быў князем Слуцкім да 1503 году. Пасля князем Слуцкім стаў сын Юры Сымонавіч, які памёр 1542 годзе, перадаўшы Слуцк свайму старэйшаму сыну, чый запавет пра падзел княства і быў здзеснены яго жонкай Кацярынай Цянчынскай.
У 1617 годзе, па смерці апошняй прадстаўніцы Алелькавічаў князёўны Соф’і, Слуцка-Капыльскае княства перайшло яе мужу – князю Яну Радзхівілу і ўваходзіла ў склад Наваградскага ваяводства, якое было заснавана ў 1500 годзе і да другога падзелу Рэчы Паспалітай было ў яго складзе.
У 1774 г. маяратны ўладальнік Нясвіжа прускі князь Антоні Радзівіл дамовіўся з такім жа ўладальнікам Клецка князем Лявонам, і Клецкі маярат увайшоў у склад Нясвіжскага, які з моманту далучэння да Расеі быў у складзе Слуцкага павету Менскага намесніцтва, а затым Менскай губерні, якая была ўтворана 3 мая 1795 года.
Набегі крымскіх ханаў Баты-Гірэя і Бурнаса ў пачатку 16-га стагоддзя, працяглая паласа войнаў Рускай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (з 1632 па 1667 год) прывялі ў глыбокі заняпад гаспадарку на тэрыторыі Беларусі, якому спадарожнічалі катастрафічны голад і эпідэміі, рэзка скарацілася колькасць насельніцтва. Гэта датычыцца і Семежава. Так, у 1622 г. у Семежаве было 195 дымоў, з іх 19 пляцаў пуставала, а ў 1684 г. было толькі 115 дымоў. Яшчэ больш значнае разрушэнне пацярпела Семежава ў час “вялікага шведскага спалення”, калі шведы пасля бою каля Клецка 19 красавіка 1706 г., ушчэнт разбіўшы рускія злучаныя атрады “думнага двараніна і ваяводы” Сымона Пратасавіча Няплюева і Міргарадскага палкоўніка Данілы Апостала, параніўшы Няплюева ў левую руку, забіўшы палкоўніка Івана Сака і адзінадуаць рускіх афіцэраў, накіраваліся на Слуцк. Па дарозе шведы зайшлі ў Семежава. Якраз перад вялікаднем большасць жыхароў малілася ў царкве. Усіх, хто быў у ёй, шведы перарэзалі, толькі адна дзяўчына з вуліцы Маставой, параненая ў грудзі, засталася жывой. Кроў з царквы лілася ручаямі па вуліцах у рэкі Морач і Мажу. Шведы хадзілі па хатах і забівалі ўсіх, каго знаходзілі. Людзі, якія не былі ў царкве, і дзеці хаваліся ад шведаў галоўным чынам у плаўнях Морачы і Мажы. Пасля гэтай шведскай разні Семежава доўга не магло акрыяць і мала ўспамінаецца ў гістарычных дакументах. Наколькі спусташальным быў шведскі набег, сведчыць дакумент №492 з “Выпісак градскіх Слонімскіх”, у якім архімандрычны служачы Корзан паведамляе архімандрыту аб атрыманні з семежаўцаў ўзносу за 1740 год у колькасці 27 злотых.
У сувязі з агульным эканамічным уздымам развіцця гаспадаркі ў 60 – 90 гадах ХVIII стагоддзя ў асобных маёнтках заходняй і цэнтральнай Беларусі адзначаецца значнае пашырэнне фальварачнага заворвання за кошт узорвання новых зямель, лясных высечак. У гэты перыяд у Цімкавіцкім графстве арганізуюцца фальваркі Варшаўка з засценкамі Даменікава і Малінава, што на поўдзень ад Семежава, і фальварак Волка з засценкамі Смалічы і Старына. У гэты ж час Радзівіл арганізуе ў лесе за тры вярсты ад Семежава двор Орлік з засценкам Выгода, будуе ў Семежаве два вадзяныя млыны: адзін на Морачы і адзін на Мажы, пры якіх былі цэхі часання воўны, валкі сукна і мукамольныя. Гэтыя млыны трымалі арандатары-яўрэі Пекеры, арэнда перадавалася ў спадчыну.
У студзені 1793 года, па другім падзеле Рэчы Паспалітай Расеяй і Прусіяй, Семежава і ўсе навкольныя вёскі былі далучаны да Расеі і 3 мая 1795 года ўвайшлі Менскую губерню.
З гэтага моманту ў Семежаве з’явіліся салдаты рускай арміі, для якіх семежаўцы пабудавалі манеж. Кармілі іх местачкоўцы па чарзе. У задачу салдат уваходзіў набор у рэкруты. У “Чыншовых ведамасцях мястэчка Цімкавічы х ХVII стагоддзя па 1919 год” ёсць квітанцыя ад 12 снежня 1809 года аб наборы ў рэкруты з Семежава: “Язэп Дзям’янаў Серада – 23 гадоў, Цімох Паўлюкоў Балванец – 20 гадоў, Янка Сцяпанаў Трыпута – 22 гадоў, Хведар Мікалаеў Серада – 29 гадоў, Мацей Сцяпанаў Ждановіч – 27 гадоў, Лявон Міхайлаў Бокша – 26 гадоў”. Падрабязнае апісанне Семежава ёсць у “Радзівілаўскіх інвентарах” за 1834 год, з якога мы даведваемся, што ў Семежаве двароў – 291, мужчын – 602, жанчын – 669, уплочана чыншу – 983 рублі 53,5 капейкі, уплочана на ўтрыманне лазарэта 91 рубель і 52,25 капейкі, адпрацавана 2976 дзён і вывезена 432 брусы лесу.
У гэты час засценак Малінава налічваў 6 двароў, у якіх было мужчын 23, жанчын 22, у Смолічах былі 22 двары з 91 мужчынам і 89 жанчынамі. Засценак Выгода меў 8 двароў. У Орліку быў дом, склеп, стайня, абора, свіран, пякарня. У гэтым жа годзе вёска Жыліхава мела 72 двары з 234 мужчынамі і 216 жанчынамі, а Бучаціна мела 87 двароў, у якіх жыло 305 мужчын і 297 жанчын.
У інвентарнымі вопісе вёсак фальварка Цімкавічы за 1846 год указваецца, што ў Семежаве было 279 двароў з 663 мужчынамі і 711 жанчынамі. З гэтых двароў брукавых – 42 двары, яўрэйскіх – 9, вольных – 10, акладовых – 218. У гэтым дакуменце ўказваецца, колькі двароў на кожнай вуліцы, і пералічваюцца ўсе члены кожнага двара. Так, указана, што на вуліцы Лявонаўскай – 19 двароў, Дамбровай – 7 двароў, Валянтынаўскай – 24 двары, з іх 14 двароў брукаваных, на Маставой – 33 двары, на Рынку – 18 двароў, на Капыльскай – 67 двароў, на Новай – 73 двары, на Слуцкай – 22 двары. Гэтымі дварамі ўплочана чыншу 990 рублёў 92,5 капейкі і на ўтрыманне лазарэта 90 рублёў 48 капеек.
У 1859 годзе афіцэры генеральнага штаба Расеі паводле распараджэння Міністэрства ўнутраных спраў складалі спісы населеных месцаў імперыі. У гэтых спісах Семежава названа “Пасадам”, зыходзячы, вядома, з гісторыі засялення. Пасад – гэта паселішча, якое толькі назвай адрозніваецца ад павятовага горада, яно заселена па чыёйсьці волі. Такіх пасадаў у Слуцкім павеце было тры: Семежава – 240 двароў, Пагост – 46 двароў, Трайчаны – 15 двароў. У гэты час Капыль меў 257 двароў, Цімкавічы – 209 двароў, Грозава – 54 двары, Бабоўня – 15 двароў.
У гэтых 240 дварах пражывала 996 душ семежаўцаў. У Падмажжы ў гэты час было 111 двароў, у якіх жылі 282 мужчыны і 291 жанчына, з іх беларусаў – 569 чалавек, яўрэяў – 4 чалавекі.
У час адмены прыгоннага права у 1861 годзе ў Семежаве было выдзелена 222 надзелы па 12 дзесяцін кожны, або па 13 гектараў, бо дзесяціна – гэта 10,930 квадратныз метраў, значыць усёй зямлі было 2664 дзесяціны, або 2475 гектараў. У Падмажжы было выдзелена 22 надзелы. Акрамя гэтага, быў пакінуты адрэз зямлі там, дзе цяпер вуліца Выган, якім больш багатыя семежаўцы карысталіся за плату.
Пасля адмены прыгоннага права барацьба паміж сялянамі, з аднаго боку, памешчыкамі і царскімі ўладамі - з другога разгортваецца каля пытання аб прыняцці статутных грамат. Так, міравы пасрэднік 2-га ўчастка Цікавы ў водгуку ад 24 красавіка 1862 г. за №80 данёс, што “Кіевіцкі валасны старшына Мікалай Міхайлаў Пілат за падбухторванне воласці да непадпарадкавання воласці законам і начальству пры ўвядзенні стстутнай граматы ў маёнтку Філіпавічах аддадзены пад суд з адхіленнем ад пасады”. 11 чэрвеня 1862 года пастановай Слуцкага павятовага міравога з’езда стараста Кіевіцкай воласці быў зняты.
Указам цара 25 чэрвеня 1840 г. на Беларусь было распаўсюджана дзеянне агульных законаў Расейскай імперыі. Згодна з гэтым указам Семежава ў 1848 г. было перададзена панам Магільніцкім, якім яно належала да 1863 года.
22 сакавіка 1863 г. цар перадаў сенату ўказ “Аб канфіскацыі маёмасці людзей за ўдзел у польскім паўстанні”, г.зн. за ўдзел у вызваленчым паўстанні, на чале якога стаяў Кастусь Каліноўскі.
Напярэдадні 21 сакавіка 1864 г. палкоўнік Лосеў дакладваў шэфу жандараў Даўгарукаву пра выкрыццё паўстанскіх арганізацый у Менскай і Віленскай губернях. У склад рэвалюцыйнага камітэта , паводле данясення, уваходзілі па Слуцкім павеце – настаўнік Міладоўскі і памешчык Магільніцкі. 28 маёнткаў удзельнікаў паўстання было секвестравана.
Пас ля секвестрацыі Магільніцкіх Семежава, Кіявічы і Філіпавічы былі перададзены правадзейнаму стацкаму радцу Клімаву. Наконт гэтага ёсць яшчэ адзін дакумент. У 9-ым томе “Апісання зямлі Расейскай” С.Цяньшаньскага ўказваецца, што Магільніцкія страцілі Семежава, прайграўшыся ў карты. Гэта было зроблена для таго, каб кнігу прапусціла цэнзура.
Клімаў карыстаўся вялікім аўтарытэтам у рускіх цароў, часта бываў за граніцай, валодаў 1447 дзесяцінамі зямлі (1577 гектараў). Меў чатыры фальваркі: Філіпавічы, Новы Двор, Кіявічы і Альховак (Альхоўка). У Кіявічах і Альхоўцы было трохпольнае земляробства, у Кіявічах і Новым Двары – дзесяціпольнае з травсеяннем. Гаспадарка Клімава ў 1877 г. мела 160 галоў буйнай рагатай жывёлы і 50 коней. Каровы былі завезены з паўднёвабаварскага горада Альгаў у 1875 г. і былі ў тры разы больш прадуктыўнымі за мясцовыя пароды. Гадавая зарплата работнікаў складала 50 – 60 рублёў. За летні дзень работы мужчынам плпцілі па 20 капеек, а жанчынам – па 15.Даярка за кармленне і даенне 12 кароў атрымлівала 2р. 50к. у месяц, г.зн. 30 рублёў у год.
Пры царскім двары быў праект на будаўніцтва царквы ў Кіеве коштам 40 тысяч рублёў. Клімаў у праекце да слова Кіеў дабавіў канчатак “ічы”, і атрымалася слова Кіевічы (правільна - Кіявічы). За адпушчаныя грошы былі пабудаваны Кіявіцкая мураваная царква (цяпер аднаўляецца), двухпавярховы палац у Філіпавічах, гаспадарчыя пабудовы, бровар.
У 1904 годзе Клімаў, адчуваючы набліжэнне рэвалюцыі, распрадаў свае землі і паехаў у Пецярбург.
У 1920 г. палякі, адступаючы, спалілі палац Клімава, застаўся толькі адзін мураваны будынак, у якім да 1974 г. была Філіпавіцкая пачатковая школа.
Пасля адмены прыгоннага права Семежава права Семежава пачало бурна расці. Так, у 1886 г. яно мела ўжо 388 двароў і 1668 душ, з іх 803 мужчыны і 865 жанчын.
Здаўна ў Семежаве існавала таварыства жабракоў пад назвай “Жабрацкі цэх”. У яго ўваходзілі людзі з фізічнымі недахопамі (калекі). І не толькі з Семежава, але і з навакольных вёсак і мястэчак. У таварыстве жабракі вучыліся за плату, памер якой вагаўся ад 60-ці капеек да 8-мі рублёў. Жабракі мелі сваю жабрацкую мову, паводле якой Семежава называлася Лухмінск, Цімкавічы – Звеняровічы, Капыль – Канцынск, Слуцк – Бардавуск, Клецк – Крамецск, Лешня – Крэмніца, Бучаціна – Біштурава.
У абавязкі жабракоў уваходзіла абслугоўванне Семежаўскай царквы. Пасля адмены прыгоннага права “жабрацкі цэх” заняпаў.
Акрамя таго, у Семежаве дзейнічалі цэх краўцоў, у якім працавалі толькі семежаўцы, і гарбарны цэх, у якім працавалі толькі яўрэі (выраблялі аўчыны для кажухоў).
У 1908 г. арандатар Радзівілаўскага вадзянога млына на Мажы Пекер Шмуйлавім Мотэль пабудаваў побач з вадзяным млынам паравы. Дах вадзянога млына быў вельмі стары і ў маі 1910 г. загарэўся ад трубы паравога млына. Згарэлі абедзве пабудовы. Калі ваду з вадасховішча на Мажы спусцілі, млын на Морачы таксама пачаў бяздзейнічаць. Тады Пекер Мотэль прывёз з Англіі вялікую паравую машыну і пабудаваў за 1911 – 1912 гады вялікі паравы млын з мукамольным, пытлявальным, часальным і сукнавальным цэхамі паміж вуліцай Капыльскай і Падмажжам. Адначасова яўрэй Блох Меер (па мянушцы Сахор) пабудаваў на Зарэчнай вуліцы другі паравы млын.
У другой палове ХІХ стагоддзя багатыя семежаўцы пачалі будаваць ветраныя млыны. Усяго да 1917 года было пабудавана 14 такіх млыноў. Усе яны працавалі аж да прыходу бальшавікоў.
З канца ХІХ ст. і да пачатку першай сусветнай вайны насельніцтва Семежава хутка расло, выдзяляліся новыя двары. У 1914 г. на тэрыторыі цяперашняга Семежава было 518 двароў, у якіх пражываля 2818 чалавек, з іх 1412 мужчын і 1406 жанчын. З усяго насельніцтва беларусаў было 2648 чалавек і 170 яўрэяў.
Жылі семежаўцы ў далёкім мінулым у курных хатах з вельмі маленькімі вокнамі, якія зацягваліся льняным палатном, змочаным у алеі, або высушаным свіным мачавым пузыром. Пасярод хаты стаяў агмень (жароўня), потым ён быў заменены печчу без коміна. Дым выходзіў праз адчыненыя дзверы, якія называлі “скрыпутамі”. Курныя хаты Семежава трывалі дзесьці да 1854 г. Пачынаючы з 70-ых гадоў ХІХ ст., хаты будаваліся вялікія, з вялікімі зашклёнымі вокнамі і драўлянай падлогай. Будаваліся з круглых бярвенняў і былі заўсёды чыстымі, дагледжанымі, а перад святамі вышкрэбваліся нажамі не толькі з сярэдзіны, але і знадворку. З вуліцы хаты агароджваліся высокім плотам з варотамі і весніцамі.
Газа першы з’явілася ў Семежаве ў 1874 г. Першае яе з’яўленне было цікавым, асабліва для дзяцей, якія бегалі за прадаўцом-яўрэем і глядзелі, “як гарыць вада”. Пасля з’яўлення газы з’явіліся і новыя свяцільнікі: “газнікі” і “ліхтарні”. Ліхтарнямі карысталіся ў хлявах і гумнах.
Усе прылады апрацоўкі зямлі былі з дрэва: саха, барана, колы былі без шынаў. У Семежаве гаварылі так: калі пройдзе пазямлі жалеза, то хлеба не будзе. Металічныя прылады і вырабы пачалі прымяняць з пачаткам ХХ ст.
Штодзённым рабочым адзеннем было льняное. Жанчыны насілі кашулю, рукавы якой вышыўкамі з чырвоных нітак, а зверху апраналася шнуроўка і спадніца. Мужчыны летам насілі льняную кашулю і штаны, а ў халоднае надвор’е – кашулю і штаны, пафарбаваныя ў карычневы або чорны колер. Для верхняй кашулі і штаноў рабілася тканіна, у аснове якой адна нітка была льняной, а другая шарсцяной. У халодныя дні насілі суконныя курткі, а зімою кажухі.
Жанчыны мелі спецыяльны вясельны ўбор, які ў іншых выпадках ніколі не выкарыстоўваўся. Ф.Сцяпура апісаў яго наступным чынам: “Убор гэты складаецца з жупана, саяна і шнуроўкі. Жупан – гэта адзенне, зробленае з тонкага цёмнасіняга сукна, накшталт жаночага летняга паліта, бяз гузікаў. Саян – гэта з такога ж сукна спадніца, падол якой абшываецца шырокім, каля трох вяршкоў пасам з чырвонага кумачу. Шнуроўка – гэта гарсэт з чырвонага атласу ці шарсцяной матэрыі з абшыўкамі з мішурнага гасу. Абавязковай прынадлежнасцю вясельнага ўбору лічыцца спецыяльная кашуля, пярэднік (хвартух) і намітка. Кашуля робіцца з тонкага палатна, рукавы якой упрыгожваюцца карункамі (вустаўкамі) з белых і чырвоных нітак, пярэднік робіцца з чырвонага ці іншага колеру кумача, а намітка з малінавага атласу. Карункі і шыццё павінны быць уласнага хатняга вырабу
Неабходным атрыбутам жаночага ўбору, і не толькі вясельнага, але і будняга, лічацца каралавыя пацеркі, якія каштуюць іншы раз і 30 рублёў”.
Жыхары Семежава вызначаліся вялікай працавітасцю, ашчаднасцю і ўзорам цвярозасці, п’янства ў шынку і ў быце здараліся вельмі рэдка. Зрэшты, як і бойкі ў сем’ях ды грубае дэспатычнае абыходжанне. Жанчына ў доме заўсёды была паўнапраўнай гаспадыняй, а не рабой, муж ніколі нічога не рабіў без яе згоды і парады. Моладзь паводзіла сябе бездакорна сціпла і цнатліва, таму незаконных нараджэнняў не здаралася.
Земляробства местачкоўцы вялі трохпольнае, чаргаваліся сельскагаспадарчыя культуры так: ячмень – жыта – ячмень, а пазней: ячмень – бульба – жыта – ячмень. Але бульбы сеялі вельмі мала, ды яшчэ ў кожную баразну. Баранавалі два разы. Сеяць бульбу праз баразну пачалі на папоўскай зямлі. У 1890 г. яна дала вялікі ўраджай. Пасля гэтага і сяляне пачалі сеяць бульбу праз баразну.
Першым семежаўцам, які пусціў перад сяўбой жыта папар, засеяны горкім лубінам, быў Марцінчык. Местачкоўцы гаварылі, што Марцінчык прапаў – будзе без хлеба. Але на наступны год жыта на папары было надзіва добрае, такое, якога ніколі не было на палях семежаўцаў. Таму ўсе гаспадаркі з гэтага часу пачалі пускаць папар, на якім сеялі пад заворванне лубін, некаторыя і канюшыну, пасля якой сеялі жыта.
У лістападзе 1917 г. салдацкі камітэт 12-га Каліцкага памежнага палка ўсталяваў у Семежаве савецкую ўладу, якая праіснавала да сакавіка 1918 г. 18 лютага 1918 г. нямецкія войскі, парушыўшы перамір’е, пачалі наступленне і ўжо ў сакавіку занялі Семежава, у якім прабылі да снежня 1918-га. Потым прыйшлі палякі.
У кастрычніку 1920 г. Расея і Польшча падпісалі ў Рызе мірную дамову, якая вызначалася дэмаркацыйнай лініяй Кіявічы – Лань, а нейтральная зона, у якую трапіла і Семежава, прайшла праз Случчыну.
Гэты час міжуладдзя, калі палякі адышлі, а бальшавікі яшчэ не прыйшлі, беларусы Случчыны выкарысталі для арганізацыі змагання за незалежную Беларусь.
14 лістапада 1920 г. быў скліканы з’езд Случчыны, які стварыў раду Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам. Была сфармавана 1-я Слуцкая брыгада з 4-х тысяч чалавек пад камандаваннем Анцыповіча, а пазней – А.А. Сокал-Кутылоўскага.
У лістападзе 1920 г. Першы Слуцкі полк Слуцкай брыгады займаў участак на лініі Семежава – Вызна даўжынёю 20 км. Бальшавікі пачалі барацьбу са Слуцкай брыгадай. На пачатак снежня 1920 г. іх войскі выйшлі на лінію ад м.Леніна па рацэ Случ да м.Тураў. Нейтральная паласа, якая ўтварылася паміж дзяржаўнай мяжой і лініяй бальшавіцкіх войскаў, паводле мірнай дамовы часцямі “чырвоных” не была занята. Толькі пасля папярэдняй згоды, атрыманай ад польскіх уладаў на заход войск савецкай Расеі ў нейтральную зону, на трое сутак (з раніцы 4 снежня) у яе былі ўведзены часці 8-ай бальшавіцкай дывізіі. У выніку праведзенай аперацыі ў раёне Семежава частка аддзелаў беларускіх паўстанцаў была разбіта, і 7 снежня 1920 г. невялікая іх частка перайшла польскую мяжу. Палякі раззброілі 30 беларускіх афіцэраў і 400 салдат.
9 снежня 1920 г. штаб Слуцкай брыгады прызнаў, што пася баёў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны беларускія аддзелы адступілі да мяжы, а дзве роты адступілі на польскую тэрыторыю, дзе былі раззброены. Брыгады адышла да самай мяжы на 8 кіламетраў на захад ад Семежава, але не склала зброі. Было зроблена некалькі спробаў адцясніць перадавыя часці бальшавікоў шляхам контрнаступу на Семежава і Вызну. 13 снежня 1920 г. Семежава было занята паўстанцамі, потым адбіта чырвонаармейцамі, а ноччу 18 снежня зноў было вернута пад беларускую ўладу. Ноччу 19 снежня была занята і Вызна, паўстанцы прасунуліся крыху на ўсход ад гэтага мястэчка. Днём 19 снежня бальшавікі зноў пайшлі ў наступ і захапілі Вызну. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад да в.Смолічы , а 20 снежня 1920 г. яны адышлі да в.Морач. У гэты ж дзень бальшавікі зноў уступілі ў Семежава.
28 снежня Слуцкая брыгада беларускіх паўстанцаў перайшла раку Лань, трапіла ў размяшчэнне 41-га польскага палка і была раззброена ды інтэрнавана ў раёне Сіняўкі.
Для арганізацыі акупацыйнай савецкай улады ў былой нейтральнай зоне і для кіравання ёю загадам камандуючага 16-ай чырвонай арміі тэрыторыя Слуцкага павету была падзелена на тры часткі, для кожнай з якіх былі створаны рэўкомы: Пясочанскі, Харастоўскі і Семежаўскі. Яны падпарадкоўваліся Слуцкаму павятомаму рэўкому.
Семежаўскі рэўком узначаліў бальшавіцкі камандзір Валюкевіч, які меў у падпарадкаванні аддзел са 150 чырвонаармейцаў 17-ай дывізіі і 20 конных міліцыянераў.
3 лютага 1921 г. па май 1922 г. Семежаўскі рэўком узначальваў Пятро Навумавіч Грыцкевіч, які затым быў пераведзены старшынёй рэўкому в.Цараўцы Слуцкага павета. З верасня 1925 г. па верасень 1927 г. з’яўляўся сакратаром Дубровенскага РККП (б)Б, 1930 года – сакратаром Грэскага РККП (б)Б. У 1934-37 гадах – старшыня прафсаюза работнікаў сярэдніх школ БССР. У чэрвені 1941 г. дабраахвотна пайшоў на фронт і быў камісарам 321 асобнага сапёрнага батальёна Заходняга фронту. Загінуў у кастрычніку 1941 г. пад Вязьмай.
З мая 1922 г. да канца 1923 г. старшынёй Семежаўскага рэўкома быў Пятро Казадой – асабісты пісар Чапаева да дэмабілізацыі з Чырвонай арміі, ураджэнец Семежава . У канцы 1923 г. ён быў мабілізаваны ў ВЧК , дзе змяніў прозвішча “Казадой” на “Смірноў”…
Сёння м.Семежава, як і ўся краіна, жыве па сваім, па беларускім часе. Пішацца новая старонка ў кнігу Беларускага Лёсу.
Мікалай АЛЯШКЕВІЧ,
былы настаўнік Семежаўскай сярэдняй школы